ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
здольнасць глебы паглынаць і затрымліваць вільгаць. Вызначаецца ў працэнтах ад аб’ёму або ад масы сухой глебы. Залежыць ад грануламетрычнага саставу і структуры глебы, колькасці ў ёй гумусу. Найб. вільгацяёмістыя чарназёмы і балотныя глебы. Адрозніваюць поўную, капілярную, палявую, максімальную адсарбцыйную, або гіграскапічную, і інш. віды вільгацяёмістасці глебы. Для с.-г. вытв-сці найб. значэнне мае палявая вільгацяёмістасць глебы, якая вызначае макс. велічыню запасу карыснай для раслін глебавай вільгаці. Па яе велічыні вызначаюць аптымальныя нормы палівання с.-г. і інш. культур. Гл. таксама Вільготнасць глебы, Водны рэжым глебы.
т. 4, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)